Виртуальный методический кабинет

10 правил педагогических работников

ФАРМІРАВАННЕ АСНОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ Ў ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ ПРАЗ АРГАНІЗАЦЫЮ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

ФАРМІРАВАННЕ АСНОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ Ў ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ ПРАЗ АРГАНІЗАЦЫЮ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

Гарманічнае развіццё дзіцяці немагчыма без фарміравання ў яго самасвядомасці, самапавагі, нацыянальнай годнасці. Патрыятычныя этнапедагагічныя традыцыі, на падставе якіх выхоўваюцца любоў да роднай мовы, роднага краю, да сваёй сям’і з’яўляюцца моцнымі сродкамі ўздзеяння на маленькага чалавека. Авалодванне дзецьмі беларускай мовай з’яўляецца адным з асноўных элементаў фарміравання асобы дзіцяці, засваення ім нацыянальнай культуры. У сувязі з гэтым на ўстановы дашкольнай адукацыі ўскладаецца адказнасць не толькі за развіццё камунікатыўных навыкаў у дзяцей, але і за фарміраванне сродкамі мовы нацыянальнай самасвядомасці, за перадачу літаратурнай спадчыны, культурных традыцый, набытых беларускім народам на працягу гісторыі свайго існавання.

У рамках выканання Плана мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі на 2010 і наступныя гады

ва ўстанове неабходна праводзіць работу     накіраваную на фарміраванне ўстойлівай цікавасці да беларускай мовы, традыцый беларускага народа, стварэнне беларускамоўнага асяроддзя. Для гэтага праводзяцца заняткі па развіцці беларускай мовы і культуры маўленчых зносін, тэматычныя забавы, віктарыны, кіналекторыі і г.д., прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, этнакультурнай спадчыне беларускага народа. Адзін раз у месяц  праводзіцца беларускамоўны дзень. Акрамя гэтага ва ўстановах дашкольнай адукацыі адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы (красавік). Цікавы досвед у гэтым кірунку назапашаны ў Кастрычніцкім раёне г. Гродна, дзе быў арганізаваны раённы конкурс сярод устаноў адукацыі на лепшую праграму мерапрыемстваў, а таксама на лепшую творчую працу, прысвечаныя гэтаму дню.

Выхаванне любові і павагі да сваёй Радзімы, да роднай мовы павінна  ажыццяўляцца па прынцыпе "ад малога да вялікага" - ад выхавання эмацыйнай прыхільнасці, добрых адносін да сваіх блізкіх, бліжэйшага асяроддзя, да сваёй "малой Радзімы". З гэтай мэтай праводзяць гульні, заняткі, экскурсіі на тэму "Мая сям'я", "Мая мама лепшая на свеце", "Мой родны кут" і г.д., пры правядзенні якіх выкарыстоўваюцца малыя жанравыя формы беларускага фальклору (забаўлянкі, прыказкі і прымаўкі, загадкі і інш.), а таксама творы беларускіх паэтаў (Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, В.Вербы і інш.).

Шырока выкарыстоўваюцца ў працы з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту літаратурныя віктарыны «Жыву ў Беларусі, тым ганаруся"; конкурсы на лепшае выкананне твораў на беларускай мове; фестывалі-конкурсы сюжэтных гульнявых праграм спартыўна-аздараўленчай накіраванасці «Забава» з выкарыстаннем беларускіх народных гульняў.

Фарміраванне асноў нацыянальнай самасвядомасці, любові і павагі да роднай мовы немагчыма без далучэння выхаванцаў да этнакультурнай спадчыны беларускага народа, у якой закладзены велізарны пазнавальны і выхаваўчы патэнцыял. Адной з эфектыўных форм работы па рэалізацыі гэтай задачы з'яўляецца ўзаемадзеянне ўстаноў дашкольнай адукацыі з мясцовымі этнаграфічнымі музеямі, калі  супрацоўнікі музеяў выязджаюць ва ўстановы дашкольнай адукацыі з тэматычнымі выставамі, праводзяць тэматычныя заняткі.

Стала добрай традыцыяй  праводзіць фальклорныя святы, кірмашы, тэатралізаваныя паказы, з дапамогай якіх дзеці ўзбагачаюцца ведамі аб народных традыцыях, гісторыі Беларусі.  Аднак неабходна так арганізоўваць мерапрыемствы, каб дзеці мелі магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у народных абрадах, вырабе беларускіх народных цацак з ільну, саломы, гліны.

Абавязковай умовай авалодвання выхаванцамі беларускім маўленнем, далучэння да родных вытокаў з’яўляецца стварэнне беларускамоўнага асяроддзя, атмасферы, якую дзеці маглі б успрымаць як натуральную. З гэтай мэтай  створаюцца  куткі дзяржаўнай сімволікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У кніжных кутках размешчаюцца дзіцячыя творы беларускіх аўтараў, тэматычныя выставы, прысвечаныя пэўнаму аўтару. У афармленні інтэр’еру групавых памяшканняў выкарыстоўваюцца беларускія народныя матывы, міні-музеі  дэкаратыўна-прыкладногап мастацтва Беларусі, а ў холе створаны міні-музей “Старадаўнія рэчы”, які   неабходна выкарыстоўаць больш актыўна.

Важнай умовай фарміравання асноў нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца цесная ўзаемасувязь з бацькамі. У цяперашні час гэта работа асабліва актуальна і патрабуе вялікага такту. Таму асноўнымі задачамі ўстановы дашкольнай адукацыі лічаць фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі бацькоў як асноўных удзельнікаў выхавання асобы дзіцяці, далучэнне іх як паплечнікаў да выхавання ў дзяцей патрыятызму, любві і павагі да роднай мовы і культуры. З гэтай мэтай сярод бацькоў вядзецца актыўная інфармацыйна-тлумачальная работа, праводзяцца анкетаванне, гутаркі, выкарыстоўваюцца іншыя разнастайныя формы і метады.

Фарміраванне асноў нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей – адказная і складаная задача, вырашэнне якой у дашкольным дзяцінстве толькі пачынаецца. Аднак, мы ўпэўнены, што планамерная, сістэматычная работа, выкарыстанне разнастайных сродкаў выхавання, агульныя намаганні ўстаноў дашкольнай адукацыі і сям’і дадуць станоўчыя вынікі і стануць грунтоўным падмуркам для далейшай работы па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

 

Литература:

1. Далучэнне дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры / Мазыр : Белы вецер , 2003 .

2. Мой родны кут…: зборнiк метадычных матэрыялаў па патрыятычным выхаваннi дзяцей дашкольнага узросту. У 2 ч. / уклад. В.М. Цяленчанка. – Мазыр : ТАА ВД Белы Вецер , 2006 .

3. Приобщение детей старшего дошкольного возраста к белорусской национальной культуре: Сборник методических материалов / сост. Василенко Т.А.,– Гомель: УО ГОИРО , 2010 . 

свернуть

Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове ва ўмовах білінгвальнай адукацыі

Навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове

ва ўмовах білінгвальнай адукацыі

Маўленчае развіццё дзяцей у Беларусі адбываецца ў сітуацыі блізкароднаснага руска-беларускага білінгвізму. Першай мовай, якой авалодваюць дзеці дашкольнага ўзросту, выступае руская. Пры гэтым далучэннне дзяцей да беларускай мовы адбываецца таксама даволі рана. Дзеці чуюць яе па радыё, тэлебачанні, у дзіцячым садзе (асобныя заняткі, святы). У выхаванцаў ствараюцца «жыццёвыя» ўяўленні пра рускую і беларускую мовы, назіраецца паступовае свядомае адрозненне гэтых моў.

З улікам сітуацыіі блізкароднаснага двухмоўя сістэма дашкольнай адукацыі ў Беларусі з’яўляецца білінгвальнай як па форме (у рэспубліцы дзейнічаюць установы дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання), так і па змесце (у адпаведнасці з вучэбнай праграмай у адукацыйны працэс установы дашкольнай адукацыі ўключаны дзве блізкароднасныя мовы).

Білінгвальная адукацыя забяспечвае паўнавартаснае развіццё асобы дзіцяці сродкамі дзвюх моў і прадстаўленых імі культур. Дзіця-білінгв мае магчымасць інтэграцыі ў дзве моўныя культуры, што спрыяе як яго разумоваму, так і псіхічнаму развіццю, пашырае і ўзбагачае мысленне і кругагляд выхаванца. Авалодванне беларускай мовай спрыяе фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці дзіцяці. Што да засваення рускай мовы, то рускамоўныя зносіны пашыраюць камунікатыўнае асяроддзе выхаванцаў, садзейнічаюць іх далучэнню да сусветнай культуры. Адначасовае ж авалодванне дзецьмі дашкольнага ўзросту дзвюма мовамі (рускай і беларускай) пашырае іх светапогляд, спрыяе развіццю палікультурнай свядомасці і павялічвае патэнцыяльныя маўленчыя магчымасці.

Аднак найвышэйшы ўзровень моўнай кампетэнтнасці дзяцей забяспечвае ўсё ж такі руская мова. Беларуская, якая з’яўляецца мовай нацыянальнай прыналежнасці, выступае ў асноўным у якасці мовы нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Улічваючы тое, што беларуская мова для беларускіх дзяцей з’яўляецца роднай у асноўным па крытэрыі  ідэнтыфікацыі, Н.С. Старжынская сцвярджае, што яе неабходна пачынаць вывучаць як мага раней, з моманту наведвання дзіцем установы дашкольнай адукацыі, шляхам акультурацыі, г.зн. увядзення ў нацыянальна-культурны фон мовы. Што да спецыяльных заняткаў па навучанні беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання, то яны павінны праводзіцца з дзецьмі, пачынаючы з сярэдняга дашкольнага ўзросту. Асноўнымі спецыяльнымі метадамі навучання дзяцей беларускай мове выступаюць: прамы, супастаўляльны і камбінаваны метады.

Навучанне выхаванцаў беларускай мове на аснове прамога метаду арганізуецца шляхам «пагружэння» ў моўнае асяроддзе. Натуральна, што яно адбываецца без апоры на рускую мову. Дадзены метад атрымаў назву метаду імерсіі (татальнай або поўнай). Аднак у практыцы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання найбольш прымальным з’яўляецца метад мяккай імерсіі, які прадугледжвае паступовае ўвядзенне беларускай мовы ў працэс навучання. Таксама шырока выкарыстоўваецца ў практыцы білінгвальнага навучання частковая імерсія, якая прадугледжвае арганізацыю працэсу навучання сродкамі дзвюх моў.

Супастаўляльны метад навучання дзяцей беларускай мове прадугледжвае апору на рускую. Засваенне беларускай мовы адбываецца на аснове аналізу, супастаўлення і абагульнення дзвюх моўных сістэм. Пры гэтым навучанне дзяцей беларускай мове пры дапамозе супастаўляльнага метаду заснавана на мадэлі пераносу моўных навыкаў з рускай мовы на беларускую. Пры камбінаваным выкарыстоўваюцца прыёмы дзвюх першых метадаў.

На больш позніх этапах навучання мовам ужываецца парытэтная мадэль навучання (раўнапраўе ў выкарыстанні рускай і беларускай моў). Адносна парытэтнай мадэлі варта адзначыць, што раўнапраўе ў выкарыстанні рускай і беларускай моў тычыцца, перш за ўсё, арганізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі. З мэтай паспяховага фарміравання двухмоўя пажадана стварыць ва ўстанове дашкольнай адукацыі спецыяльнае камунікатыўнае асяроддзе, якое прадугледжвае прысутнасць дзвюх моў ва ўсіх відах дзіцячай дзейнасці і арганізацыю спецыяльных заняткаў па развіцці маўлення дзяцей на дзвюх мовах. Н.С. Старжынская адзначае, што ў гэтым выпадку найбольш аптымальным шляхам развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту беларускага маўлення з’яўляецца той, які спалучае з аднаго боку развіццё «пачуцця беларускай мовы» ў выніку паступовага «пагружэння» ў адпаведнае камунікатыўнае асяроддзе, а з другога — спецыяльна арганізаванае навучанне, арыентаванае на фарміраванне ў выхаванцаў элементарных моўных абагульненняў.

Па зазначэнні даследчыцы, агульная стратэгія навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове акрэсліваецца «знізу ўверх» з дапамогай «стыхійнага» і ў пэўнай меры спарадкаванага засваення дзецьмі моўных сродкаў  і «зверху ўніз» на спецыяльных занятках праз авалоданне метадычна нармаванымі моўнымі сродкамі, шляхам як неўсвядомленага абагульнення моўнага матэрыялу, так і яго аналізу.

Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове будзе спрыяць арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень працягласцю 20 хвілін у першай палове дня ў сярэдняй і старшай групах; правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове па падгрупах у другой палове дня працягласцю 20 хвілін у тых жа групах; дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ад 3-х да 4-х гадоў у час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў; прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове; увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове; арганізацыя экскурсій у краязнаўчы музей з мэтай знаёмства з культурай, гісторыяй краіны; наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове; арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.

Калі педагогі з’яўляюцца носьбітамі мовы, гэта гарантыя таго, што дзіця паспяхова авалодае камунікатыўнымі навыкамі на беларускай мове.

 

Літаратура:

1. Старжынская, Н.С. Асновы развіцця беларускага маўлення і навучання роднай мове дашкольнікаў: дыс. ... д-ра пед. навук: 13.00. / Н.С. Старжынская. — Мінск, 1997.

2. Старжынская, Н.С. Тэорыя і методыка развіцця беларускага маўлення дашкольнікаў: вучэб. дапам. / Н.С. Старжынская. — Мінск: Тэхналогія, 1997.

3. Яленскі, М.Г. Лінгвадыдактычная парадыгма асобасна арыентаванага навучання мове ў сучаснай школе / М.Г. Яленскі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2002.

свернуть

Вучыся размаўляць правільна

Вучыся размаўляць правільна

Кансультацыя да выхавальнікаў

Самае дарагое ў жыцці – тое, што закладзена ў сэрца з ранніх год. Менавіта родная мова – сувязное звяно ў далучэнні дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей, традыцый і гістарычнага мінулага нашай Радзімы. З боку дзяржавы гэтаму пытанню таксама надаецца вялікая ўвага.

Таксама на заканадаўчым узроўні замацавана магчымасць рэалізацыі права кожнага дзіцяці на атрыманне адукацыі на беларускай мове. У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства неабходна на ўзроўні да­школьнай адукацыі прыняць дадатковыя меры, скіраваныя на пашырэнне магчымасці атрымання беларускамоўнай адукацыі.

Але, нягледзячы на такую вялікую ўвагу да развіцця беларускага маўлення, навучанне дзяцей беларускай мове ў дзіцячым садку мае свае асаблівасці.

Маўленчае развіцце дашкольнікаў у Беларусі адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя (білінгвізму). Для большасці гарадскіх дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, мець зносіны з акружаючымі іх людзьмі, з’яўляецца руская мова, а беларуская выступае для іх як другая.

Дашкольнікі мала чуюць родную мову ў шырокім ужытку, а таму маюць бедны слоўнікавы запас, іх маўленне знаходзіцца пад уплывам рускай мовы.

У  сувязі з гэтым, сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаемства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуцце грамадскасці, любоў да Радзімы.

Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць. Важна, каб дзеці ведалі і шанавалі гісторыю сваіх продкаў, родную прыроду. Адказнасць за гэта ляжыць на нас – педагогах і бацьках. І пачынаць работу трэба з выхавання ў самых маленькіх любові ў першую чаргу да роднай мовы. Вялікае значэнне тут мае асабісты прыклад дарослых. Трэба ўвесці рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, далучыць іх да багацця роднай мовы, навучыць адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць. Ступень авалодання як роднай , так і другой мовай у дзіцячым узросце ў многім залежыць ад таго, наколькі поўна і правільна дзіця засвоіла іх на пачуццёвым узроўні. Пачуццё роднай мовы набываецца ў працэсе штодзённых зносін з іншымі людзьмі.

Выхавальнікі павінны імкнуцца да таго, каб маўленне дашкольнікаў вызначалася не толькі сваёй правільнасцю, але і выразнасцю. Пачынаючы работу па навучанню выхаванцаў беларускай мове, нам, педагогам, неабходна перш за ўсё самім добра валодаць роднай мовай.

У сувязі з гэтым, мова педагога павінна быць адной з асноўных крынiц развiцця мовы дашкольнiка, узорам для моўнага выказвання дзяцей.

У вучэбнай  праграме дашкольнай адукацыі работа па фарміраванню беларускага маўлення з дашкольнікамі падзяляецца па ўзроставых групах, па напрамках работы:

-заняткi па развіццю беларускага маўлення;

- развіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;

- самастойная маўленчая дзейнасць дзяцей;

Вучэбная праграма рэкамендуе таксама пералік лепшых класічных мастацкіх і фальклорных твораў і дакладна акрэслівае задачы па азнаямленню з імі дзяцей розных узроставых груп (пачынаючы з 1-й малодшай):

беларускімі народнымі песенькамі і пацешкамі;

беларускімі народнымі казкамі;

творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў;

беларускімі народнымі гульнямі.

Згодна праграме, агульная стратэгія пабудовы працэсу навучання дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў паэтапным развіцці беларускага маўлення дзяцей, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці ўжо ў першай малодшай групе.

Гэта робіцца з мэтай развіцця ў дзяцей першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія пацешкі, вершы, забаўлянкі, калыханкі, песенькі і г.д.), што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.

Перыяд ранняга дзяцінства традыцыйна лічыцца самым спрыяльным для авалодання мовай (як роднай, так і другой) у сувязі з шэрагам псіхалагічных асаблівасцей дзяцей: сензітыўнасцю да засваення мовы, актыўнай памяццю, лёгкасцю станоўчай матывацыі маўленчай дзейнасці.

Ранняе засваенне беларускай мовы дае станоўчыя вынікі толькi пры строгім захаванні прынцыпу «адна асоба ў адной сітуацыі зносін —адна мова», г.зн., што адзін і той жа педагог павінен выкарыстоўваць  ў зносінах з дзіцём і рускую, і беларускую мовы, але строга прытрымліваецца адной з іх на занятках, у гульнях і ў асобныя дні. Формы i метады работы па развiццю беларускага маўлення педагогi павінны выкарыстоўваць узалежнасцi ад узросту дзяцей.

Пры навучаннi дашкольнікаў малодшага ўзросту выхавальнiкi асаблiвую ўвагу павінны ўдзяляць  рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (фарміраваць першапачатковыя навыкі разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія рэплікі, завучваць і ўзнаўляць кароткія паэтычныя творы), што паслужыць фарміраванню ў іх пачуццевай асновы руска-беларускага двухмоўя.

У адпаведнасці з вучэбнай праграмай з дзецьмi сярэдняга i старэйшага ўзросту выхавальнікі адзін раз на тыдні праводзяць  заняткі па развіццю беларускага маўлення.

Пры арганізацыі работы з выхаванцамі сярэдняга ўзросту ажыццяўляецца навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн.уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове (расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту, пераказ).

У дзяцей сярэдняга старэйшага дашкольніага ўзросту, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы (фрыкатыўнае вымаўленне гукаў [г], [г’], заўседы цвердае вымаўленне гукаў {ч}, {щ} {р} і г.д.). Рэалізацыі гэтай задачы садзейнічае правядзенне “чыстых” заняткаў па гукавой культуры маўлення.

Навучанне на кожным этапе павінна ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.

Мэтай заняткаў з дзецьмі гэтых груп з’яўляецца фарміраване ў дзяцей слоўніка, граматычнага ладу маўлення, гукавой культуры і звязнага маўлення (дыялагічнага і маналагічнага) як сродка зносін, ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. На гэтых занятках  выхавальнікі павінны актыўна выкарыстоўваць дыдактычныя  гульні, малыя формы фальклору, беларускія народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі, чыста і скорагаворкі. Вучыць слухаць і разумець мову выхавальніка, адказваць на пытанні па змесце вершаў, карцін і апісанні цацак. Садзейнічаць стварэнню выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні (пры пераказе казак, складанні апавяданняў з асабістага вопыту).

Азнаямленне з гісторыяй, культурай Беларусі дазваляе паказаць адметнасць беларускай зямлі, побыт яе жыхароў мінулых стагоддзяў, растлумачыць, адкуль пайшлі беларусы, расказаць пра выхаванне імі дзяцей, што ў вялікай меры садзейнічае станаўленню беларускага маўлення дашкольнікаў, расшырае іх пазнавальны інтарэс.

Асаблiвую ўвагу ў рабоце са старэйшымі дашкольнікамі педагогі павінны надаваць настольным, дыдактычным, развіваючым  гульням, якія:

садзейнічаюць фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці да роднай мовы і жаданне авалодаць ёю;

развіваюць звязнае маўленне, граматычны лад мовы, актывізуюць  слоўнік;

вучаць дзяцей устанаўліваць і разумець сувязi паміж назвамi прадметаў, іх прыкметамi і функцыянальнымі магчымасцямі;

садзейнічаюць развіццю ўвагі, мыслення, кемлівасці.

Рэалізацыю задач беларускага маўлення, згодна з вучэбнай праграмай, неабходна ажыццяўляць таксама на фізкультурных занятках з выкарыстаннем беларускіх народных рухомых гульняў, на рухава-творчых занятках, заснаваных на розных відах вуснай народнай творчасці, на музычных занятках, у час правядзення народных свят і г.д.

Для дзяцей, якія жывуць у рускамоўным бытавым асяроддзі, менавіта гульні з іх разнастайнымі сітуацыямі, сімвалічнымі дзеяннямі ствараюць асаблівую патрэбу ў беларускай мове.

Праз гульню ў тэатр дзеці таксама вучацца мове. Падрыхтоўка тэатралізаванай сцэнкі дае магчымасць выхавальніку вучыць дзяцей прыгожа, гучна вымаўляць словы на роднай мове, адчуваць рытм, музыку беларускага маўлення.

Матэрыялам для вывучэння фанетыкі, лексікі, граматыкі беларускай мовы могуць служыць маленькія вершаваныя формы, фальклорныя паэтычныя творы.

Па форме яны яскравыя, дасціпныя, забаўныя, падабаюцца дзецям, лёгка запамінаюцца, актыўна ўжываюцца ў гульнях. Гарантуюць станоўчую матывацыю засваення беларускай мовы, садзейнічаюць павышэнню дзіцячай самаацэнкі.

Значнае месца ў далучэннi дзяцей да беларускай культуры, мовы мае арганiзацыя тэматычнага асяроддзя.

З гэтай мэтай у кожнай групе дашкольнай установы выхавальнiкi павінны абсталяваць куткі «Мая радзіма — Беларусь». Іх змест фармiруецца ў залежнасцi ад узросту дзяцей. Таксама ў кожнай групе павінны быць створаны кнiжныя куткi, падабраны перыядычныя выданнi ў адпаведнасцi з узростам дзяцей.

Важнай часткай работы у гэтым накірунку з′яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі, бо менавіта з адносін таты і мамы да роднай мовы ў дзіцяці фарміруюцца першыя ўражанні і першая любоў да яе, да таго месца, дзе ён нарадзіўся. Асноўнай задачай у азнаямленні бацькоў з нацыянальнай культурай з’яўляецца фарміраванне ў іх актыўнай сацыяльнай пазіцыі. З гэтай мэтай трэба анкетаваць бацькоў, праводзіць кансультацыі, бацькоўскія сходы, віктарыны, конкурсы, гутаркі, прыцягваць іх да ўзелу ў народных святах. Знаёміць бацькоў з псіхолага-педагагічнымі асновамі засваення дашкольнікамі роднай мовы, са зместам праграмы развіцця беларускага маўлення дзяцей. Забяспечваць іх неабходнымі даступнымі метадычнымі матэрыяламі для навучання дзяцей беларускай мове ў сям’і.

Але, згадзіцеся, што фарміраванне беларускага маўлення дзяцей, яго якасць у вялікай меры залежыць усё ж ад выхавальніка, які сам любіць мову і ўмее на ёй размаўляць. Вы павінны садзейнічаць таму, каб розныя віды дзейнасці з дашкольнікамі садзейнічалі іх далучэнню да роднага слова, выхаванню патрэбы выкарыстоўваць беларускую мову ў розных абставінах жыцця.

Нельга вывучыць родную мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыкметна, лёгка. А для гэтага нам усім неабходна спалучаць разнастайныя формы работы, якія б не прымушалі дзіця “завучыць”, а падштурхнулі да свядомага жадання запомніць новае слова, яскравы паэтычны радок, падзяліцца радасцю свайго адкрыцця з сябрамі, бацькамі.

Паважаныя калегі! Давайце дапаможам нашым дзецям авалодаць беларускай мовай. Будзем выхоўваць дзяцей добрымі, разумнымі, дапытлівымі, церпялівымі і ўважлівымі да ўсяго. І адначасова абуджаць веру дзіцяці ў тое, што яно вырасце патрэбным на зямлі чалавекам.

 

Літаратура:

  1. Старжынская, Н.С. Вучыся размаўляць  правільна/ Н.С. Старжынская.- Мінск: Пачатковая школа, 2013.
свернуть

Методыканавучання, правядзення і выкарыстання беларускіх народных гульняў ва ўстанове дашкольнай адукацыі

Методыканавучання, правядзення і выкарыстання беларускіх народных гульняў ва ўстанове дашкольнай адукацыі

Методыка навучання дзяцей дашкольнага ўзросту рухавым гульням мае свае спецыфічныя асаблівасці ў залежнасці ад узросту дзяцей.

Падбіраючы гульню, педагог павінен звярнуцца да вучэбнай праграммы дашкольнай адукацыі, у якой спіс гульняў складзены з улікам агульнай рухавай падрыхтоўкі дзяцей пэўнага ўзросту і накіраваны на вырашэнне пэўных адукацыйных задач. Рухавы змест гульні павінен адпавядаць умовам іх правядзення. Важна ўлічваць пару года і надвор’е.

Выбар гульні вызначае яе месца ў рэжыме дня. На першай прагулцы мета згодна правесці гульні больш дынамічныя, на другой – гульні розныя па рухомай характырыстыцы. Да пачатку гульні трэба зрабіць разметку пляцоўкі, падрыхтаваць патрэбныя абсталяванне і атрыбутыку.

Падрыхтоўка дзяцей да гульні патрабуе ад педагога вялікай знаходлівасці. Асабліва важна выклікаць цікавасць да гульні ў самым пачатку. Вялікі эфект дае абыгрыванне атрыбутаў.

Тлумачэнне правілаў гульні павінна быць кароткім, зразумелым, эмацыянальным, цікавым.

Выбар гульні залежыць ад педагагічнай задачы, а таксама фізічнай падрыхтоўкі дзяцей, іх стану здароўя. Педагог знаёміць са зместам гульні, паказвае як трэба выконваць тыя ці іншыя дзеянні, пры дапамозе пытанняў паўтарае з дзецьмі правіла, каб пераканацца, што яны ўсё зразумелі. Двухгадовых дзяцей папярэдне знаёміць з гульнёй і яе правіламі не трэба; тлумачэнне гульні вядзецца паэтапна, у ходзе гульнявых дзеянняў. У другой малодшай, сярэдняй і старэйшай групах папярэдняе тлумачэнне адбываецца з улікам узроставых псіхалагічных магчымасцей дзяцей. Гэта вучыць іх планаваць свае дзеянні. Вельмі важнай з’яўляецца паслядоўнасць тлумачэння:

  • назва гульні і яе задума;
  • кароткі змест;
  • правілы;
  • напамін рухаў (пры неабходнасці);
  • раздача роляў;
  • раздача атрыбутаў;
  • размеркаванне ўдзельнікаў гульні на пляцоўцы;
  • пачатак гульнявых дзеянняў.

Нельга пачынаць тлумачэнне гульні з назначэння дзяцей на галоўныя ролі або з раздачы атрыбутаў, бо спадзеўвага да інструкцый, пачнецца збой гульнявых дзеянняў.

Калі ў гульні ёсць словы, то спецыяльна развучваць іх не трэба – дзеці запамінаюць іх падчас гульні. Калі яна знаёмая, тады з дапамогай пытанняў удакладняюцца пэўныя моманты.

Размеркаванне роляў выкарыстоўваецца як момант для выхавання паводзін дзяцей. Вядучыя ролі – заўсёды прывабныя. Выбар на галоўную ролю ўспрымаецца як узнагарода. Педагог павінен сачыць за рухамі выхаванцаў: заўважаць добрае выкананне рухаў, падказваць лепшы спосаб дзеяння, дапамагаць асабістым прыкладам.

Вызначыць таго, хто будзе вадзіць у гульні, можна рознымі спосабамі, але асноўнымі з’яўляюцца наступныя:

  1. “Брацца за палку”: рука да рукі; хто накрые канец палкі, той і будзе вадзіць.
  2. “Лічыцца”: адзін гулец чытае лічылку і пры кожным слове па чарзе паказвае на ўдзельнікаў. На каго прыпадзе апошняе слова, той і водзіць.
  3. “Дамаўляцца”: вядучага выбіраюць з ліку найбольш вопытных.
  4. “У якой руцэ прадмет”: адзін з гульцоў хавае за спіной у адной руцэ прадмет, другому прапануе адгадаць. Хто адгадаў – водзіць.
  5. “Чыя саломінка карацейшая (або даўжэйшая)?”: верхнія канцы “саломінак”-палачак трэба зраўняць, а ніжнія схаваць у руцэ. Хто выцягне кароткую (ці доўгую) палачку, той пачынае гульню.

Для выбару вядучага таксама можна выкарыстаць гульні “Пярсцёнак, пярсцёнак”, “Стрэлка”, “Патэльня, ідзі сюды”.

Калі гульня праводзіцца з дзецьмі першай малодшай групы, то педагог сам прымае ў ёй удзел: выконвае як галоўную, так і другарадную ролю. Трохгадовым дзеткам можна даручыць выкананне галоўнай ролі. У сярэдняй і старэйшай групах кіраўніцтва апасродкаванае: педагог можа прымаць удзел у гульні, калі яна новая або па ўмовах гульні не хапае пары.

Педагог павінен бачыць дзеянне кожнага дзіцяці. Бадзёрым тонам, дзейсным удзелам ён падтрымлівае ў дзяцей радасны настрой, заахвочвае праяўленне рашучасці, смеласці, знаходлівасці, ініцыятывы, стрымлівае празмерна актыўных дзяцей, падбадзёрвае тых, хто адстае, папярэджвае магчымыя выпадкі нядобразычлівасці. Для стымуляцыі ходу гульні педагог можа прыняць у ёй удзел як звычайны гулец, строга выконваючы правілы. У рэдкіх выпадках ён можа ўзяць на сабе адказную ролю і паказаць, як трэба выконваць дзеянні, або, калі неабходна, надаць гульні жвавасць, эмацыянальнасць.

У малодшых групах вынік гульні павінен быць аптымістычным, кароткім і канкрэтным. Абавязкова трэба пахваліць малых. У сярэдняй і старэйшых групах варта адзначыць тых, хто правільна выконваў рухі, праяўляў хуткасць, спрытнасць. Называюць і тых дзяцей, якія парушалі правілы, памылкова выконвалі рухі. Заўвагі робяцца карэктна і ў добразычлівай форме. Да абмеркавання праведзенай гульні далучаюцца ўсе дзеці. Гэта прывучае іх да аналізу сваіх учынкаў, садзейнічае больш дакладнаму выкананню правілаў гульні і рухаў.

Падвядзенне вынікаў гульні павінна выклікаць у дзяцей жаданне ў наступны раз пастарацца і дабіцца большага.

Каб павялічыць эфэктыўнасць рухавых гульняў, можна: выбраць двух-трох вядучых; павялічыць працягласць інтэнсіўных рухаў у гульнях з адхіленнем, адлегласць для бегу ў гульнях з перабежкамі; змяніць сігнал; увесці “выручалачкі”; ускладніць правілы і г.д.

Фізічная актыўнасць у спалучэнні з фальклорам далучае выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры і агранічна ўключаецца ва ўсе мерапрыемства па аздараўленні дзяцей установы дашкольнай  адукацыі. Асобна трэба адзначыць народныя святы Каляды, Масленіца, Купалле, а таксама кірмашы, якія немагчыма ўявіць без гульняў, забаў, народных танцаў. Займальнасць, вобразнае слова, гульні робяць іх яркімі, запамінальнымі, ствараюбць добры, вясёлы настрой у дзяцей, выклікаюць цікавасць і жаданне выкарыстоўваць гульні ў самастойнай гульнявой дзейнасці.

Педагог павінен імкнуцца больш шырока выкарыстоўваць і знаёміць сваіх выхаванцаў з беларускімі народнымі гульнямі, але трэба ўлічваць і індывідуальныя магчымасці дзяцей. Фізічна слабых з некаторай затрымкай рухальнага развіцця неабходна ўцягваць у даступныя гульні, ускладняючы іх змест паступова. Складаныя гульні прапаноўваць больш падрыхтаваным дашкольнікам. Гэта дасць магчымасць зрабіць беларускія нацыянальныя гульні даступным сродкам выхавання дзяцей.

Выкарыстанне беларускіх народных гульняў дапаможа вырасціць дзяцей здаровымі, працавітымі і мужнымі людзьмі, якія будуць шанаваць народныя традыцыі.

Такім чынам, традыцыі народнай педагогікі былі скіраваны ў першую чаргу на выхаванне фізічнага, маральнага і духоўнага здароўя дзіцяці. Значная роля ў гэтым належыла выкарыстанню беларускай народнай гульні. Яна разглядалася і сёння разглядаецца як сродак фізічнага, эстэтычнага і разумовага выхавання. Беларуская народная гульня садзейнічае правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя, фізічных і псіхічных якасцей, выхаванню любові да Радзімы.

Літаратура:

Лях, Н.І. Беларускія народныя гульні ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту (з вопыту работы)/Н.І.Лях.-2-евыд. -  Мінск:ЗорныВерасок, 2017.-с.21.

свернуть

Выкарыстанне дыдактычных гульняў для стымулявання  маўленчых зносін  на беларускай мове

Выкарыстанне дыдактычных гульняў

для стымулявання  маўленчых зносін  на беларускай мове

Родная мова адыгрывае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Дашкольны ўзрост - гэта перыяд актыўнага засваення гутарковага маўлення, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Выкарыстанне дыдактычных гульняў пры навучанні маўленню ў дашкольным узросце з’яўляецца актуальным у сувязі з тым, што гульня выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Таму, асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту,  неабходна надаваць развіццю іх беларускага маўлення, уменню выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа.

Фарміраванне маўлення  адбываецца ў кантакце з людзьмі, у працэсе зносін праяўляецца пазнавальная і прадметная дзейнасць. Авалоданне маўленнем перабудоўвае ўсю псіхіку дзіцяці, дазваляе яму ўспрымаць усе факты больш асэнсавана. Вядомы рускі педагог К. Д. Ушынскі сцвярджаў, што роднае слова - гэта аснова любога разумовага развіцця і скарбніца ўсіх ведаў. Таму вельмі важна клапаціцца пра максімальнае развіццё маўлення дзяцей, развіваць у комплексе ўсе аспекты вуснай мовы: слоўнік, граматычны лад, гукавымаўленне. Слоўнікавы запас - гэта ўсе словы, якімі валодае дашкольнік, як актыўна, так і пасіўна. Граматычны лад вызначае правілы спалучэння словў у словазлучэнні і сказы. Любое слова, фраза знаходзяць свае выражэнне толькі з дапамогай тых ці іншых гукаў. Слоўнік і граматычны лад удасканальваюцца пастаянна не толькі ў дашкольным, але і ў працэсе навучання ў школе. Правільнае вымаўленне гукаў фарміруецца ў дзіцяці ў 3-5 гадоў. Па гэтай прычыне фарміраванне правільнага вымаўлення ўсіх гукаў роднай мовы павінна быць закончана ў дашкольным узросце.  

Гульневая дзейнасць з’яўляецца вядучай для дзяцей старэйшага ўзросту.  Разам з тым сістэматычнае засваенне ведаў на уроках закладвае аснову авалодання элементамі вучэбнай дзейнасці, якая паступова выцясняе гульнёвую. Змякчыць пераход ад адной  вядучай дзейнасці да другой дапамагаюць дыдактычныя гульні. Яны даюць магчымасць  педагогу  ажыццяўляць навучанне, развіццё разумовых здольнасцей, фарміраванне каштоўных рыс асобы і станоўчых узаемаадносін дзяцей у даступнай і прывабнай для іх гульнёвай форме.

Дыдактычная гульня ўяўляе сабою шматпланавую, складаную педагагічную з’яву: яна выступае як гульнявы метад навучання дзяцей дашкольнага ўзросту і формай навучання, і самастойнай гульнявой дзейнасцю, і сродкам усебаковага выхавання асобы дзіцяці. Менавіта ў дыдактычнай гульні дзіця атрымлівае магчымасць удасканальваць, узбагачаць, замацоўваць і актывізаваць сваю лексіку.  

Дыдактычная гульня мае сваю устойлівую структуру: дыдактычную задачу, змест, правілы і гульневыя дзеянні.

Асноўным элементам гульні з’яўляецца дыдактычеая задача. Усе астатнія элементы падпараткаваны  гэтай задачы і забяспечваюць яе выкананне. Дыдактычныя задачы могуць быць самыя разнастайныя: азнамленне з наваколлем, развіцце маўлення і мыслення, замацавнне матэматычных уяўленняў, выхаванне увагі, хуткасці мыслення, кемлівасці і г.д.

Зместам дыдактычнай гульні з’яўляецца навакольная рэчаіснасць (прырода, людзі, іх узаемаадносіны, падзеі грамадскага жыцця, мова, музыка, жывапіс і інш.).

Важная роля ў дыдактычнай гульні надежыць правілам, якія вызнацаюць, што, як, у якой паслядоўнасці павінна рабіць у гульні кожнае дзіця, рэгулююць узаемаадносіны дзяцей: выхоўваць у іх уменне стрымлівацца, кіраваць сваімі паводзінамі, гаварць па чарзе, не перабіваць адзін аднага, не гаманіць і г.д. Неабходнасць прытрымлівацца правілаў ва ўмовах калектыўнай гульні прымушае кожнае дзіця суадносіць свае дзеянні з дзейнасцю таварышаў, садзейніцае ўзнікненню агульных інтарэсаў, а таксама з’яўляецца важай умовай фарміравання станоўчых рыс паводзін.

Галоўная асаблівасць дыдактычнай гульні – наяўнасць гульневага дзеяння. Менавіта яно перш за ўсё цікавіць і прываблівае дзяцей.

Што ўяўляе сабой гульневае дзеянне? Гэта, напрыклад, дзеянне з цацкамі або прадметамі, малюнкамі – падбор, складанне і раскладванне. Так, у гульні “Ліст” дзеці спачатку складваюць з асобных частак малюнак, а потым расказваюць па ім. Гульневымі з’яўляюцца дзеянні адшуквання і знаходжвання. Напрыклад, у гульні “Маўчанка” вядучы шукае ў пакоі прадметы з пэўнымі якасцямі. Прывабліваюць дзяцей у гульні элементы загадвання і адгадвання, чакання і нечаканасці. Хто-небудзь з дзяцей выходзіць з пакоя, а у гэты час астатнія загадваюць які-небудзь прадмет або мяняюцьразмяшчэнне цацак на стале. Вярнуўшыся, дзіця адгадвае па апісанню прадмет або імя таварыша, вызначае якперастаўлены цацкі на стале. Гульнёвымі могуць быць інтэлектуальныя дзеянні параўнання, апісання і г.д. Да гульневых адносяцца і асаблівыя рухі: плясканне ў ладоні, кіданне мячыка, заплюшчванне  вачэй, пастукванне па стале і да т.п. Вялікая група гульняў у якасці гульнёвага дзеяння ўключае спаборництвы  паміж асобнымі дзецьмі або групамі дзяцей. Чым цікавей гульнёвае дзеянне, тым больш паспяхова дзеці вырашаць дыдактычную задачу.

Усе структурныя элементы гульні ўзаемазвязаны, адсутнасць аднаго з іх разбурае гульню. Але пры апісанні гульні правілы і гульнёвыя дзеянні не заўсёды вылучаюцца. Яны падаюцца пасля дыдактычнай задачы ў угульным змесце (ходзе) гульні.

У рабоце з дзецьмі 6-гадовага ўзросту выкарыстоўваюцца розныя віды дыдактычных гульняў: гульні з дыдактычнымі цацкамі і прыродным матэрыялам, настольныя (друкаваныя) і слоўныя гульні.

У гульнях з цацкамі, прыродным матэрыялам дзеці непасрэдна ўспрымаюць прадметы. Гэтыя гульні пабудаваны з улікам прынцыпу нагляднасці і ў адпаведнасці з імкненем   гуляць канкрэтнымі прадметамі. У час гульні яе ўдзельнікі пазнаюць разнастайныя ўласцівасці прадметаў, параўноўваюць, супастаўляюць іх.

Да настольных адносяцца гульні, у якіх выкарыстоўваюцца карткі з сюжэтамі і прадметнымі малюнкамі, лічбамі, геметрычнымі фігурамі і да т.п. Гэта часцей за ўсё гульні тыпу “лато”.

Слоўныя гульні не патрабуюць нагляднага матэрыялу. Яны пабудаваны на дзеяннях  і словах і праводзяцца пасля таго, як у дзяцей сфарміраваны пэўныя веды аб рэальных прадметах або з’явах. Гэта такія гульні, як “Зычны- галосны”, “Скажы наадварот”, “Чые галасы?”, а таксама гульні-загадкі.

Да кожнай гульні  выхавальніку трэба старанна падрыхтавацца: прадумаць яе арганізацыю і методыку правядзення, спосабы яе тлумачэння дзецям, а таксама вызначыць у ей сваё месца.

Да гульні неабходна падрыхтаваць і дзяцей, аднавіць або даць ім пэўныя веды. У такім выпадку гульня замацоўвае веды, якія дзеці засвоілі на занятках і ў штодзенным жыцці.

Педагогу важна ўмела пачаць гульню, адразу арганізаваць дзяцей, коратка і зразумела растлумачыць ім, у якую гульню і як яны будуць гуляць. Вякікае значэнне пры гэтым маюць зацікаўленнасць і эмацыянальнасць  самога педагога, яго здольнасць заахвоціць да гульні ўсіх выхаванцаў, вобразнасць і зразумеласць яго мовы, выразнасць жэстаў, паважлівыя адносіны да ўсіх удзельнікаў, жаданне іх аб’яднаць.

У працэсе гульні неабходна звяртаць увагу на яе тэмп. Павольны тэмп стамляе, расхалоджвае дзяцей, ім падоўгу даводзіцца чакаць сваёй чаргі. Але і празмерна хуткі тэмп узбуджае дзяцей, прыводзіць да мітусні, часам выклікае спрэчкі паміж удзельнікамі гульні.

У ходзе гульні выхавальніку лепш выступаць у ролі яе ўдзельніка, часцей за ўсё вядучага, але не варта забывацца пра функцыі педагога: накіроўваць гульню рэплікамі, пытаннямі, непрыкметна падтрымліваць асобных дзяцей, ствараць умовы для праяўлення ініцыятывы, даваць ацэнку няправільным адказам або прадухаляць іх. Напрыклад, у гульні “Магазін”, выхавальнік можа ўзяць на сябе ролю загадчыка магазіна і сачыць за тым, каб дзеці правільна апісвалі прадметы, якія хочуць купіць.

Сур’ёзна трэта ставіцца і да правіл гульні. Ад захавання правіл залежыць выхаваўчая каштоўнасць гульні – усвядомленне норм  паводзін  у калектыўнай дзейнасці, станаўленне патрабавальных і справядлівых адносін да равеснікаў, уменне звяртаць увагу на думку таварышаў, узгадняць з імі свае жаданні.

Змест дыдактычных гульняў вызначаецца вучэбнай праграмай  дашкольнай адукацыі, ён  звязаны са зместам заняткаў і назіраннямі.

 

Прыклады  дыдактычных гульняў.

Вянок.

Дыдактычная задача. Замацоўваць у слоўніку дзяцей  назвы кветак. Развіваць спрытнасць.

Змест. Дзеці выбіраюць сабе назвы кветак і займаюць загадзяя падрыхтаваныя месцы. Адзін чалавек не мае месца. Ен пачынае “плесці” вянок: называе якую-небудзь кветку. Да яго падыходзіць той, каго паклікалі, дярэ за руку і ў сваю чаргу называе іншую кветку. Утвараючы”вянок”, дзеці бегаюць ланчужком. Калі ўсе кветкі будуць названы, дзеці ўтвараюць  кола і водзяць карагод. Першая кветка раптам гаворыць: “Кветкі завялі”. Дзеці разбягаюцца па сваіх месцах. Хто застаўся без месца, пачынае “плесці” новы вянок, і гульня працягваецца.

Хто скажа інакш.

Дыдктычная задача: пашырыць і актывізаваць вобразную лексіку дзяцей 5-7год, вучыць падбіраць словы і выразы, якія найбольш пабыходзяць па сэнсе; садзейнічаць стварэнню выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні, фарміраванне звязнага маўлення; развіваць пазнавальныя і маўленчыя здольнасці, слыхавую ўвагу і назіральнасць

Дыдактычны матэрыял і абсталяванне: малюнкі дзяцей па змесце вершаў.

Гульнявыя правілы: праслухаць вершаваны твор, падабраць картку з малюнкам, блізкую па змесце, пераказаць змест сваімі словамі.

Гульнявыя дзеянні: слуханне мастацкага твора, пераказ яго зместу.

Папярэдняя работа: выяўленча-мастацкая дзейнасць дзяцей з мэтай адлюстравання сваіх уражанняў ад прачытаннага верша.

Ход гульні.

Дарослы чытае верш ( з паўторам гульні верш мяняецца) і прапануе дзецям перадаць яго іншымі словамі. Асаблівая ўвага звяртаецца на тое, каб створанае дзіцем  апавяданне не згубіла сэнса верша.

Напрыклад:

Змоўкла наваколле, лес адгаманіў.

Едзе восень полем на рабым кані.

А за сінім борам – я разгледзіў сам –

Сядзе ў сані скора белая зіма.                    В.Рабкевіч

Вядучы прапануе дзецям растлумачыць сэнс радкоў верша, а затым расказаць яго сваімі словамі.

Заўвага. Творчыя работы дзяцей можна аформіць у альбом “Чытаем-малюем”. Кожную работу неабходна назваць, падпісаць імя аўтара.

 

Дыдактычная гульня шырока выкарыстоўваецца пры навучанні дзяцей матэматыцы, роднай мове, знаёмству з прыродай і навакольным светам, у развіцці сэнсорнай культуры,  з іх дапамогаю можна вырашаць адначасова некалькі важных задач у навучанні, развіцці і выхаванні  дашкольнікаў. Такімі гульнямі можна назваць гульні з сюжэтам, гульні якія патрабуюць разыгрывання роляў. Так, у гульні «Магазін цацак» па сюжэце неабходныя прадавец і пакупнікі. Значную цікавасць у фарміраванні і развіцці камунікатыўных навыкаў дашкольнікаў, пашырэнні іх актыўнага слоўнікавага запасу ўяўляюць сабою гульні-інсцэніроўкі - паказ з дапамогаю цацак невялікіх сцэнак, у якіх перад дзецьмі ставяцца такія дыдактычныя задачы як здагадацца, з якой казкі паказаны эпізод, расказаць працяг казкі, расказаць пра змены, якія адбыліся на сцэне і г.д. Некаторыя з гульняў такога тыпу ставяць перад удзельнікамі задачы найперш этычнага плану. Так, у гульні “Што такое добра і што такое дрэнна”  адной частцы ўдзельнікаў гульні неабходна паказваць сцэнкі з мастацкіх твораў або з жыцця, а астатнім трэба даць этычную ацэнку, вызначыць, якія персанажы робяць добра, а якія дрэнна.

Такім чынам, у гульні адбываецца не толькі актыўнае ўдасканаленне навыкаў этычных паводзінаў, але і разнапланавае вядзенне работы па развіццю маўленя старэйшых дашкольнікаў. Ім неабходна праявіць навыкі карэктна фармуляваць сваю думку, будаваць не толькі маналагічнае, але і дыялагічнае маўленне, аргументаваць сваё выказванне, у імправізацыі хутка падбіраць патрэбныя не толькі паняцці, але і метафары, эпітэты і г.д.

Многія дыдактычныя гульні не маюць дакладна вызначаны сюжэт і гульня заключаецца ў вырашэнні пэўнай задачы. Але і ў такіх гульнях змест канцэнтруецца на ведах дзяцей пра навакольны свет і звязаны з задачамі развіцця маўлення. Часам у бессюжэтныя гульні ўводзіцца вобраз, напрыклад, загадкі, якія загадвае Пятрушка або які-небудзь іншы казачны персанаж. Тое, што гульнявую задачу ставіць перад дзецьмі не выхавальнік, а цацка спрыяе павышэнню разумовай і слоўнікавай актыўнасці малых. Напрыклад, у госці да дзяцей можа прыйсці Андрэйка - цацка з тварам сімпатычнага, жывога хлопчыка. Яго з’яўленне адразу выклікае радасць, чаканне чагосьці новага, цікавага. Андрэйка праводзіць гульні, у якія дзеці можа і гулялі раней, напрыклад, “Што змянілася”, але ў новай сітуацыі гульня набывае іншы змест, выклікае здзіўленне, прымушае працаваць уяўленне. У гульнявой займальнай форме адбываецца актывізацыя і ўзбагачэнне слоўніка дашкольнікаў.

Слоўнікавая работа на такім этапе заключаецца ў тым, што дзяцей вучаць адрозніваць і называць часткі прадметаў (часткі цела жывёлаў, чалавека; часткі ў прадметаў побыту; рукавы і кішэні ў сукенак, накрыўка ў чайніка і г.д.); кантрастныя памеры прадметаў; некаторыя колеры, формы; некаторыя смакавыя прыметы; фізічныя якасці (халодны, гладкі) і якасці (б’ецца, рвецца).  Старэйшых дашкольнікаў эфектыўна вучыць вычляняць па тых ці іншых прыметах са складу паняццяў падгрупы: тканіны шарсцяныя і шаўковыя, посуд кухонны і чайны або металічны і шкляны; транспарт водны, наземны, паветраны і пасажырскі; інструменты металічныя, драўляныя ці садовыя, сталярныя, кравецкія і г.д. Пры ажыццяўленні работы па фармаванні і актывізацыі слоўніка педагогі дзіцячых дашкольных устаноў эфектыўна выкарыстоўваюць такія дыдактычныя гульні як «Цудоўны мяшэчак», «Хто больш убачыць і назаве», «Фарбы», «Што змянілася» і іншыя.

На сённяшні дзень існуе шмат класіфікацый дыдактычных гульняў розных аўтараў. А.К. Бандарэнка зазначае, што ў дашкольнай педагогіцы ўсе дыдактычныя гульні ў залежнасці ад дыдактычнага матэрыялу можна падзяліць на тры асноўныя віды:

  • гульні з прадметамі (цацкамі, прыродным матэрыялам). Напрыклад, такія як “Чые гэты дзеткі?”, “З якога дрэва ліст?”, “Збяры букет з восеньскіх траваў?”
  • настольныя друкаваныя гульні. Яны разнастайныя па відах: парныя малюнкі, лато, даміно. Разнастайныя і задачы, якія вырашаюцца з іх дапамогаю. Напрыклад, у гульні “Што расце ў садзе (лесе, агародзе)” дзеці падбіраюць карткі з адпаведнымі малюнкамі раслінаў, суадносяць іх з месцам, дзе яны растуць, абядноўваюць малюнкі па агульнай прымеце. Або ў гульні “Што было потым?” дзеці падбіраюць малюнкі да казкі з улікам паслядоўнасці сюжэту. У гульні “Адгадай хто гэта?” дзіця бярэ малюнак, уважліва яго вывучае, а потым паказвае рухі і гукі ката, пеўня і г.д. Такія заданні даюцца дзецям малодшай групы. У старэйшых групах вырашаюцца больш складаныя задачы: адны ўдзельнікі гульні паказваюць дзеянне, намаляванае на картцы, іншыя - адгадваюць, хто намаляваны, што там робяць людзі (напрыклад, пажарныя тушаць полымя, маракі плывуць па моры, будаўнікі будуюць дом і г.д.).
  • слоўныя гульні. Яны пабудаваны на словах і дзеяннях удзельнікаў гульні. У такіх гульнях дзеці вучацца выкарыстоўваць веды, уяўленні пра прадметы, паглыбляць веды пра іх, бо неабходна выкарыстоўваць набытыя раней веды ў новых сувязях і абставінах.

     

     Зручна слоўныя гульні аб’яднаць у чатыры групы:

1) гульні, з дапамогаю якіх фарміруецца ўменне выдзяляць істотныя прыметы прадметаў, зяваў: “Адгадай!”, “Магазін”, “Так – не” і іншыя;

2) гульні, якія выкарыстоўваюцца для развіцця ў дзяцей умення параўноўваць, супастаўляць, рабіць правільныя высновы: “Падобны – непадобны”, “Хто больш заўважыць небыліцаў”;

3) гульні, з дапамогаю якіх развіваецца ўменне абагульняць і класіфікаваць прадметы па розных прыметах: “Каму што патрэбнае?”, “Назаві адным словам” і г.д.

4) гульні на развіццё ўвагі, кемлівасці, хуткасці мыслення, вытрымкі, пачуцця гумару: “Сапсаваны тэлефон”, “Фарбы”, “Лятае - не лятае" і г.д.

           Дыдактычная гульня, як форма навучання дзяцей,  мае два пачаткі: вучэбны (пазнавальны) і гульнявы (займальны). Выхавальнік у гульні адначасова выступае у ролі настаўніка і ўдзельніка гульні. Ён вучыць і гуляе, а дзеці ў гульні вучацца. Калі на занятках пашыраюцца і паглыбляюцца веды пра навакольны свет, то ў дыдактычнай гульні   дзецям прапаноўваюцца заданні ў форме загадак, сказаў, пытанняў.

            Паводле З.М.Багуслаўскай і А.К.Бандарэнкі арганізацыя педагогам дыдактычных гульняў ажыццяўляецца ў трох асноўных напрамках: падрыхтоўка, правядзенне гульні і яе аналіз.

           Падрыхтоўка да правядзення дыдактычнай гульні ўключае:

выбар гульні ў адпаведнасці з мэтамі выхавання і навучання, паглыбленне і абагульненне ведаў, развіццё сэнсорных здольнасцяў, актывізацыя псіхічных працэсаў (памяць, увага, мысленне, маўленне);

устанаўленне адпаведнасці выбранай гульні патрабаванням  вучэбнай праграммы дашкольнай адукацыі дзяцей канкрэтнай ўзроставай групы;

вызначэнне найбольш удалага часу для правядзення дыдактычнай гульні (у працэсе арганізаванага навучання на занятках або ў вольны ад заняткаў час);

выбар месца для гульні, дзе дзеці могуць спакойна гуляць, не перашкаджаць адзін аднаму (такое месца, як правіла, групавы пакой або ўчастак);

вызначэнне колькасці ўдзельнікаў гульні (уся група, невялікія падгрупы, індывідуальна);

падрыхтоўка неабходнага дыдактычнага матэрыялу для выбранай гульні (цацкі, розныя прадметы, малюнкі, прыродны матэрыял);

падрыхтоўка да гульні самого выхавальніка: ён павінен усвядоміць і асэнсаваць ход гульні, сваё месца ў працэсе гульні, метады кіраўніцтва працэсам;

падрыхтоўка дзяцей да гульні: узбагачэнне іх ведамі, уяўленнямі пра прадметы і з’явы навакольнага жыцця, якія неабходныя для вырашэнны задачы гульні.

Правядзенне дыдактычных гульняў уключае:

знаёмства дзяцей са зместам гульні, з дыдактычным матэрыялам, які будзе выкарыстаны ў гульні (паказ прадметаў, малюнкаў, кароткая размова, у працэсе якой удакладняюцца веды і ўяўленні дзяцей пра іх);

тлумачэнне ходу і правілаў гульні; важна, што выхавальнік звяртае ўвагу на паводзіны дзяцей у адпаведнасці з правіламі гульні, на дакладнае выкананне правілаў (што правілы гульні забараняюць, што патрабуюць, што можна рабіць);

паказ гульнявых дзеянняў, у працэсе якога выхавальнік вучыць дзяцей правільна выконваць дзеянні, паказваць, што інакш гульня не будзе мець выніку (напрыклад, гульня не мае сэнсу, калі насуперак правілам дзеці падглядваюць, калі трэба закрыць вочы);

вызначэнне ролі выхавальніка ў гульні, яго ўзел у якасці ўдзельніка гульні, балельшчыка ;

падвядзенне вынікаў гульні - гэта адказны момант кіраўніцтва гульнёю, бо па выніках, якіх дзеці дасягнулі ў гульні, можна меркаваць пра яе эфектыўнасць, пра тое ці будзе цікавая гэтая гульня ў самастойнай гульнявой дзейнасці дзяцей.

            Аналіз праведзенай гульні скіраваны на выяўленне прыёмаў яе падрыхтоўкі і правядзення: якія прыёмы гульні аказаліся найбольш эфектыўнымі ў дасягненні пастаўленай мэты, што перашкодзіла ажыццяўленню пастаўленай мэты і чаму. Гэта дапаможа ўдасканаліць як падрыхтоўку да гульні, так і сам працэс яе правядзення, дасць магчымасць пазбегнуць памылак у будучым. Акрамя таго аналіз гульні дазваляе выявіць індывідуальныя асаблівасці паводзінаў, характару дзяцей, а, значыць, правільна арганізаваць індывідуальную работу з імі

Пры арганізацыі дыдактычных гульняў у старэйшай групе важна ўлічваць большыя магчымасці дзяцей ў параўнанні з дзецьмі малодшага ўзросту. У гэтым ўзроставым перыядзе дзецям уласціва цікаўнасць, назіральнасць, цікавасць да ўсяго новага, незвычайнага: дзецям хочацца самім адгадаць загадку, знайсці правільнае рашэнне задачы, выказаць уласнае меркаванне. З пашырэннем абёму ведаў адбываюцца змены і ў характары разумовай дзейнасці. Па гэтай прычыне важна пры выбары гульні значную ўвагу ўдзяляць ступені цяжкасці правілаў гульні і дзеянняў у яе працэсе. Апошнія павінны быць такімі, каб праз іх ажыццяўленне дзеці выяўлялі разумовыя і валявыя намаганні.

           Роля выхавальніка таксама мяняецца. Але нават і тут педагог дакладна, эмацыйна знаёміць дзяцей з яе зместам, правіламі і дзеяннямі, правярае, як удзельнікі гульні іх зразумелі, дарослы гуляе разам з дзецьмі, каб замацаваць веды, уменні і навыкі. Потым ён прапаноўвае дзецям пагуляць самастойна і спачатку сочыць за дзеяннямі ўдзельнікаў гульні, выступае ў якасці арбітра ў спрэчных сітуацыях. Аднак не ўсе гульні патрабуюць такога актыўнага ўдзелу выхавальніка. Нярэдка яго ўдзел абмяжоўваецца тлумачэннем правілаў перад яе пачаткам. Найперш гэта датычыць настольна-друкаваных гульняў.

          Такім чынам, кіраўніцтва дыдактычнымі гульнямі ў старэйшым дашкольным узросце патрабуе большай прадуманасці ў працэсе іх падрыхтоўкі і правядзення. Гэта датычыць ўзбагачэння дзяцей адпаведнымі ведамі, падбор адпаведнага дыдактычнага матэрыялу, а часам і падрыхтоўкі яго разам з выхаванцамі, арганізацыі абстаноўкі гульні, а таксама дакладнае вызначэнне сваёй ролі ў гульні.

З дапамогаю гульняў-заняткаў выхавальнік не толькі передае пэўныя веды, фарміруе ўяўленні, але і вучыць дзяцей гуляць. Асновай для гульняў зяўляюцца сфармуляваныя ўяўленні пра пабудову сюжэта гульні, пра разнастайныя гульневыя дзеянні з прадметамі. Важна, каб былі створаны ўмовы для пераносу гэтых ведаў і ўяўленняў у самастойныя творчыя гульні.

            Наогул жа дыдактычны матэрыял павінен адпавядаць высокім гігіенічным і эстэтычным патрабаванням: цацкі павінны быць яркімі, цікавымі, мець высокі ўзровень мастацкага афармлення. Такі дыдактычны матэрыял прыцягвае ўвагу дзяцей, выклікае жаданне гуляць.

 

 

Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні дыдактычнай гульні як сродку развіцця маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту:

1. Дыдактычныя гульні неабходна падбіраць улічваючы псіхолага-педагагіныя асаблівасці развіцця і ўспрымання дзяцей групы.

2. Работа над маўленнем павінна адпавядаць зместу і тэме заняткаў.

3. Дыдактычныя гульні трэба выкарыстоўваць у меру, нельга імі злоўжываць: выкарыстоўваць не больш як 2-3 віды на занятку.

4. Неабходна выбіраць толькі такія дыдактычныя гульні, якія не толькі зацікавяць дзіця, але і будуць выклікаць інтарэс да навучання.

5. Дыдактычныя гульні і заданні павінны насіць развівальны характар.

6. Дыдактычная гульня як сродак развіцця маўлення павінна праводзіцца сістэматычна, а не час ад часу.

7. Выкарыстанне дыдактычных гульняў як сродку развіцця маўлення дзяцей павінна праводзіцца мэтанакіравана.

 

ЛІТАРАТУРА:

  1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. — Мінск :  НІА , 2012 . – 415с.
  2. Лях, Н. У. Беларускія народныя гульні ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту (з вопыту работы) / Н.І. Лях . – 2-е выд. – Мінск : Зорны Верасок , 2017. – 231 с .
  3. Методыка развіцця роднай мовы: вучэб. дапаможнік / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. - 2-е выд., выпр. - Мінск: Выш. шк., 2008. -301 с.
  4. Старжынская , Н.С.  Сябруем і гуляем разам / Н.С.Старжынская . – Мінск: Народная асвета , 1994 . – 80 с .
  5. Шылько, Т.М. Скажы па-беларуску / Т.М. Шылько. - Мінск, 2000. - 55 с .
  6. Старжынская, Н.С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / Н.С. Старжынская, Дз.М. Дубініна. - Мазыр: Белы вецер, 2008 . - 112 с.
  7. Старжынская, Н.С. Развіццё маўлення дашкольнікаў / Н.С. Старжынская. - Мінск, 1993. - 81 с.
  8. Сцяжынка / Л.С. Марціновіч, Т.У. Юрэвіч, Л.У. Іўліева. - Мн.: Нар. асвета, 1994. - 319 с.
  9. Пралыгіна, Н.В. Гульні з лялькай: фарміраванне сацыяльнага вопыту і асабістых якасцей у дзяцей 3-га года жыцця сродкамі вуснай  народнай творчасці у гульневай дзейнасці / Н.В.Пралыгіна . – Мінск : Новое знаніе , 2015 . – 40 с .
свернуть

Арганізацыя этнакультурнага асяроддзя ў дашкольнай установе

Арганізацыя этнакультурнага асяроддзя

ў дашкольнай установе

Для таго, каб жыць асэнсавана і з пачуццем асабістай годнасці, кожнаму чалавеку патрэбна ведаць свае вытокі, захоўваць памяць аб мінулым свайго народа, шанаваць яго традыцыі, любіць Радзіму.

Сучасная грамадскасць выражае занепакоенасць падзеннем духоўнасці падрастаючага пакалення.  У прадстаўнікоў розных народаў назіраецца страта духоўнай сувязі са сваей нацыянальнай культурай, таму праблема далучэння дзяцей да нацыянальнай культуры набывае у наш час асаблівую значнасць. Найважнейшым накірункам педагагічнай дзейнасці з’яўляецца выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту разумення і прыняцця сваёй роднай культуры і культуры іншых народаў, фарміраванне нацыянальнай свядомасці.

Нацыянальная самасвядомасць і далучэнне да культуры мае на увазе актыўнасць  як з боку дарослага, носьбіта гэтай культуры, так і з боку дзіцяці, якое актыўна асвойвае яе ў розных відах дзейнасці. Крыніцай дзіцячай актыўнасці з’яўляецца  прадметна-прасторавае асяроддзе этнакультурнай накіраванасці. Яго арганізацыя – важная ўмова выхавання цікавасці дзяцей да аб’ектаў, з’яў  і прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры свайго народа. Праблема ўзбагачэння асяроддзя прадметамі этнакультурнай накіраванасці стаіць даволі востра.  Каб палегчыць увядзенне дзяцей ў самабытны свет народнай культуры шляхам яго дзейснага асваення  у дашкольных уствановах ствараюць  міні-музеі беларускай хаткі ў спецыяльных пакоях. Аднак не ў кожнай установе гэта магчыма стварыць. Пагэтаму  вельмі важна арганізаваць “асаблівае асяролддзе” у групавым пакоі, дзе змяшчаюццап прадметы, якія нясуць інфармацыю аб родным краі. На жаль, здараецца, што падобныя куткі не адрозніваюцца ні арыгінальнасцю, ні змястоўнасцю. Падчас яны запоўнены аднатыпнымі, не заўседы эстэтычна прывабнымі прадметамі, якія панура стаяць на паліцах. Прадметы змяшчаюцца на працягу доўгага часу і робяцца да таго звыклымі, што да іх рэдка звяртаюцца, альбо зусім не заўважаюць.  Да таго ж, як правіла, яны не разлічаны на свабоднае выкарыстанне ў самастойнай дзейнасці дзяцей ад чаго дзеці страчваюць цікавасць да гэтых прадметаў.

Сярод усіх відаў гульнёвага абсталявання, якія можна ўбачыць у продажы і ў групах, найменшую колькасць складаюць матэрыялы этнакультурнай накіраванасці. Амаль зусім адсутнічае нацыянальнае адзенне ( у тым ліку з асаблівасцямі дэкора розных рэгіёнаў Беларусі) для лялек, макеты прадметаў нороднага побыту беларусаў, зменшаныя копіі традыцыйнага глінянага посуду (слоік, спарыш, гляк, букетнік і г.д.), куфры, аздобленыя элементамі беларускага дэкора, недастаткова прадметаў нацыянальнага афармлення асяроддзя, настольна-друкаваных гульняў адпаведнай тэматыкі.

Афармленне групавых пакояў з элементамі нацыянальнага кампанента можна ажыццяўляць у адпаведнасці з галоўнымі святамі беларускага народнага календара з выкарыстаннем прадметаў, якія сімвалізуюць адпаведнае народнае свята, ці звязаны з сезонам, на які прыходзіцца свята. Дашкольнікаў знаёмяць з беларускімі народнымі святамі Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, Вялікдзень, Купалле, Багач. Гэтыя святы найбольш зразумелыя дзецям і найбольш уздзейнічаюць на іх праз гульні, песні, танцы, атрыбутыку і інш. 

Сумесная дзейнасць дарослых і дзяцей па стварэнні святочных атрыбутаў будзе важным момантам у падрыхтоўцы  старэйшых дашкольнікаў да успрымання традыцыйных свят, удакладнення ведаў аб народных традыцыях. Дзеці могуць стварыць вырабы з гліны, саломкі, якія добра  выкарыстоўваць пры правядзенні беларускіх свят Кірмаш, Гуканне вясны і інш. Пры стварэнні кампазіцый для свят у працэсе сумеснай дзейнасці дарослых і дзяцей з’ўляецца магчымасць для ўзбагачэння слоўніка новымі спецыфічнымі тэрмінамі, што значна палегчыць іх засваенне. Для арганізацыі работы  ў дадзеным напрамку можна карыстацца дапаможнікамі для педагогаў ”Хутка ў ншай хаце свята: знаемім дашкольнікаў з традыцыямі беларусаў” і  “Рыхтуемся да свята”: альбом па вырабу атрыбутаў да народных свят (склад.Н.І.  Жалняровіч,М.А Каліноўская . – Мазыр : Белы Вецер , 2009 . – 63 с .) , дзе змешчаны наглядна-практычныя матэрыялы (малюнкі, схемы, выкрайкі, трафарэты),  якія дапамогуць падрыхтаваць гэтыя прадметы разам з дзецьмі).  Гэтыя прадметы можна выкарыстаць для упрыгожвання інтэр’ера (выфцінанкі, вышыванкі, падвесныя цацкі); у якасці падарунка, як наглядныя сродкі навучання (тэхналагічныя карты), у гульнявой дзейнасці (лато “Дарункі восені”, даміно “”Выцінанкі”, “хлебныя”  цацкі і інш. Іх не абавязкова кампанаваць у адным месцы. Размеркаваныя ў групавым пакоі паасобку, яны могуць стаць удалым дапаўненнем інтэр’ера, дазволяць  пазбегнуць застыласці  асяроддзя, дазволяць зрабіць яго змяняльным, разнастайным, варыятыўным.

Прадметнае асяроддзе спрыяе эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове.

У групах павінны быць  кніжныя куткі, дзе выхавацелі размяшчаюц кнігі з творамі дзіцячых беларускіх пісьменнікаў, арганізуюць тэматычныя выставы, прысвечаныя творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Вялікая ўвага павінна надавацца тэатральнай дзейнасці. Наяўнасць абсталявання для розных відаў тэатраў дазваляе арганізаваць тэатральна-гульнёвую дзейнасць дзяцей па матывах беларускіх казак. Элементы касцюма герояў беларускіх казак дапамогуць  выхавацелям пры арганізацыі з дзецьмі гульняў-драматызацый. Лялькі ў беларускім народным адзенні павінны  стаць гасцямі заняткаў ці галоўнымі дзеючымі персанажамі гульнявых сітуацый.

У музычных цэнтрах павінны быць  атрыбуты да беларускіх народных танцаў і карагодаў, аўдыёзапісы беларускіх песень, твораў фальклору, танцавальная музыка, якія выкарыстоўваюцца выхавацелямі падчас спецыяльна-арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў.

У цэнтрах мастацтва сярод рознага абсталявання і дыдактычных матэрыялаў павінны быць творы беларускіх мастакоў, вырабы беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што дазваліць  выхавацелям забяспечыць реалізацыю задач адукацыйнай вобласці «Мастацтва: выяўленчая дзейнасць», асабліва пры арганізацыі работы па ўспрыманню твораў выяўленчага мастацтва.

Далучэнню выхавальнікаў да беларускай культуры і мовы  спрыяюць і пастаноўкі па матывах беларускіх казак,  з якімі  выступаюць артысты Дзяржаўнай установы «Мінскі абласны тэатр лялек "Батлейка"».

Бацькі таксама павінны  з'яўляюцца ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Для гэтага іх запрашаюць да  ўдзелу ў святах і тэматычных вечарынах,  да дапамагі  ў стварэнні і пашырэнні выставачнага фонду міні-музеяў, у афармленні прадметна-развіваючага асяроддзя групавых пакояў. Таты, матулі, бабулі і дзядулі, якія ў вольны час займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам (вышыўкай, саломапляценнем і інш.) могуць  запрашацца выхавацелямі да ўдзелу ў занятках з дзецьмі.

 

Літаратура:

1. Жалняровіч, Н.І. Хутка ў нашай хаце свята: Знаемім дашкольнікаў з традыцыямі беларусаў / Н.І.Жалняровіч, М.А.Каліноўская . – Мазыр : Белы Вецер , 2009 . – 63 с .

2. Рыхтуемся да свята: альбом па вырабу атрыбутаў да народных свят  / [ скл. Н.І.Жалняровіч, М.А.Каліноўская, М.А.Анціпкіна, маст. М.А.Анціпкіна]  . – Мазыр : Белы Вецер , 2009 . – 44 с .

3. Варанецкая, Л.М. Выхоўваем грамадзяніна: дшкольнікам аб гісмторыка-этнаграфічнай спадчыне / Л.М.Варанецкая, К.М.Бельская, І.Л.Ждан . – Мінск : Зорны верасень , 2008 . – 132 с .

4. Дубінін, Дз. У. Мая родная старонка / Дз.У.Дубінін, Дз.М.Дубініна . – Мінск : Полымя , 2000 . – 120 с .

свернуть